Таленавіты і плённы паэт міжваеннага часу Юркі Лявоннага (сапраўднае імя Леанід Мікалаевіч Юркевіч) яшчэ не дачакаўся грунтоўных даследванняў, і абмяжоўваецца лаканічнымі звесткамі з даведнікаў і нешматлікіх успамінаў сяброў [1, с. 279-280; 2, с. 608-609]. Сярод сучасных літаратуразнаўцаў і даследчыкаў яго жыццяпісу і творчасці варта вылучыць былога вядучага навуковага супрацоўніка ўстановы «Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва» (БДАМЛМ) В.В. Жыбуля [3].
Леанід Мікалаевіч Юркевіч нарадзіўся ў прадмесці Чавус пад назвай Зарэчча 16 (27) ліпеня 1908 года ў сям’і настаўніка. Па яго ўласных пазнейшых успамінах, бацькоўскі дом месціўся насупраць царквы, якая, па мясцовых легендах, была пабудавана па загадзе Пятра Першага [4].


Пасля сканчэння Чавускай школы 2 ступені (сямігодкі), ён пераязджае ў горад Магілёў, дзе ў студзені 1925 года спачатку навучаўся на агульнаадукацыйных курсах, а паздней паступіў ў Магілёўскі педтэхнікум.
Менавіта ў Магілёве распачалася яго літаратурная кар’ера. Спачатку гэта былі селькораўскія зацемкі і допісы ў мясцовай газэце «Саха і молат», а пасля яе закрыцця, ужо і вершы ў акруговай газэце «Магілёўскі селянін». Першапачаткова нярэдка падпісваў іх псэўданімам «Л. Леонидов» [5].
У кастрычніку 1925 года становіцца сябрам Магілёўскай філіі Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк», а ўжо ў лістападзе дэлегаваны на з’езд аб’яднання ў Мінск.


Як ужо сталы мясцовы літаратар, ва ўзросце 19 год, прыняў актыўны ўдзел ў зборніку магілёўскай філіі аб’яднання «Маладняк» — «Дняпроўскія ўсплескі». Дзе акрамя вершаў змясціў апавяданні «Выпадак», «З рынку» і рэцензію на № 10 часопіса «Маладняк» за 1926 год [6, с. 5-8, 66-68, 70].
Далучэнне да літаратурнага аб’яднання адкрыла для яго старонкі сталічных выдавецтваў, газэт і часопісаў, ён стаў сталым аўтарам газэт «Савецкая Беларусь», «Звязда», часопісаў «Чырвоны араты» і «Работніца і калгасніца Беларусі».
Прычым сярод маладых беларускіх літаратараў вылучаўся цікавасцю да імажынізму ды урбаністычных матываў. Дастаткова прыгадаць характэрныя назвы вершаў: «Вуліца», «Горад», «У горадзе», «Магілёўская вясна», «Новы Магілёў», «Вакзал» ды іншыя [3, с. 16, 115; 5].

Акрамя вершаў ён пачаў рыхтаваць апавяданні, нарысы, фельетоны, рэцензіі на кінафільмы і кнігі.

Пасля сканчэння Магілёўскага педтэхнікума, Леанід Мікалаевіч паступіў ў Мінскі педінстытут і пераехаў з жонкай на сталае жыхарства ў Мінск.
Пасля сканчэння крытыка-творчага аддзялення літаратурнага факультэта Мінскага педінстытута з верасня па снежань 1934 года працаваў выкладчыкам літаратуры Бабруйскага педэхнікума і ў бабруйскай газэце «Камуніст».
Разам з Сяргеем Грахоўскім падрыхтаваў пераклад на беларускую мову раман Жюля Верна «20 000 льё пад вадой», які ў беларускім варыянце атрымаў назву «80 000 кіламетраў пад вадой». Пераклад выйшаў ужо пасля арышту перакладчыкаў, і на вокладцы быў пазначаны толькі рэдактар — Янка Маўр[3, с. 4].
Першыя зборнікі паэзіі «Камсамольскія вершы» і «Штурм» выйшлі ў 1930 годзе, наступныя — «Жалезныя віхуры» і «Разбег» (1931), «Стала і мужна» (1932). Сябра Саюза пісьменнікаў БССР ад пачатку яго заснавання (з 1934 года).
30 кастрычніка 1936 года Ю.Лявонны быў арыштаваны, а ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 1937 года быў растраляны за «удзел у шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі»
Цяжкі лёс напаткаў сям’ю паэта: жонка Яўгенія Гольдберг была асуджана на 8 год як член сям’і «ворага народа», дачка трапіла ў дзіцячы дом і яе далейшы лёс невядомы. Спробы маці адшукаць яе пасля вызвалення ў 1945 годзе былі марнымі.
Асабісты архіў канчаткова быў страчаны пасля таго як фашісты растралялі сястру паэта Арыядну ў Чавусах.
Пасля уласнай рэабілітацыі Яўгенія Абрамаўна вярнулася жыць у Магілёў, дзе працавала на Магілёўскай швейнай фабрыцы ім. Валадарскага. Яна здолела дамагчыся рэабілітацыі мужа, захоўвала і прапагандавала яго творчасць.
Так, 15 верасня 1958 года ў літаратурнай перадачы на магілёўскім радыё зачытала верш мужа «Магілёўская вясна» [7, арк.53-54,60].
Не забывалі пра яго і калегі ды землякі. Ураджэнец Чавускага раёну Іван Архіпавіч Аношкін на старонках радыёгазеты «Вячэрні Магілёў» ад 2 чэрвеня 1961 года пазнаёміў слухачоў з асобай паэта і апублікаваным годам раней зборнікам вершаў «Выбранае» [8, арк. 149, 161-163].

Ужо ў наш час у Чавусах і Магілёве ў гонар Юркі Лявоннага былі названы вуліцы. Сярод яго суседзяў на карце Магілёва літаратары-землякі: побач размешчаны бульвар Андрэя Мрыя, вуліцы Платона Галавача і Васіля Каваля.
А.В.Петухоў,
вядучы архівіст аддзела навуковага выкарыстання
дакументаў і інфармацыі «Дзяржаўны архіў
Магілёўскай вобласці», магістр гістарычных навук
Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры:
1. Няхай Р. Юрка Лявонны / Р.В.Няхай // Пісьменнікі Савецкай Беларусі. кароткі біяграфічны даведнік. — Мн, 1959 — 499 с.
2. Памяць. Чавускі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі / Рэдкал.: А.Н.Вінкевіч і інш. — Мн.: «Ураджай», 2001 — 686 с.
3. Лявонны, Ю. Пералівы: выбраныя вершы / укл. і прад. В.Жыбуля. — Мн, 2018 — 128 с.
4. Лявонны, Ю. Чавусы растуць /Ю.Лявонны // «Савецкая Беларусь», 1928, № 279, 5 снежня, С. 3.
5. Леанідаў У цягніку // «Савецкая Беларусь», 1926, № 59, 14 сакавіка, С. 6.
6. Дняпроўскія ўсплёскі : літ. зб. Магілёўс. філіі «Маладняк». — Магілёў: [б. в.], 1927. — 71 с.
7.«Радиопередачи о творчестве писателей и поэтов», 30.01.1958-13.12.1958 // Установа «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» (далей — ДАМаг). Ф. 809, Воп. 5, Спр. 216, 87 арк.
8. ДАМаг. Ф. 809, Воп. 5, Спр. 277, 313 арк.
Спіс іллюстрацый:
1. Гравюра А.Шліпера па фотаздымку Э. Астанковіча (часопіс «Ніва», 1901, № 11 С. 213).
2. Партрэт Ю.Лявоннага (Лявонны, Ю. Пералівы: выбраныя вершы / укл. і прад. В.Жыбуля. — Мн, 2018, с. 111).
3. Анкета сябра Магілёўскай філіі аб’яднання «Маладняк» (БДАМЛМ, ф. 225, воп. 1, адз. зах. 9, арк.113).
4. Паўлюк Трус і Юрка Лявонны падчас з’езда аб’яднання «Маладняк», 25-29 лістапада 1925 года ((Лявонны, Ю. Пералівы ... С. 114).
5. Ліст Ю.Лявоннага ў Центральнага бюро аб’яднання «Маладняк» (БДАМЛМ, ф. 225, воп. 1,адз. зах. 9, арк.52).
6.Нататка Ю.Лявоннага «Чавусы растуць» («Савецкая Беларусь», 1928, № 279, 5 снежня, С. 3)
7. Верш «Магілёўская вясна», які зачытала Я.Гольдберг на магілёўскім радыё (ДАМаг. Ф. 809, Воп. 5, Спр. 216, арк. 60).
8. Вокладка кнігі Ю.Лявоннага «Выбранае» (1960).