Якуб Колас на Магілёўшчыне

Скапцова Н.С. (Могилёв, Беларусь)
В «Могилёвские ведомости»

Імя класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча) вядома кожнаму беларусу яшчэ са школьнай парты. Яго вершы, паэмы «Новая зямля», «Сымон-музыка», «Рыбакова хата», трылогію «На ростанях» — чытаюць, перачытваюць, цытуюць, спяваюць песні на яго вершы і да сённяшняга часу. Асаблівым сэнсам напаўняюцца для кожнага з нас яго бессмяротныя радкі: «Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы!»

І калі сённяшняе пакаленне ведае народнага паэта праз яго творчасць, але былі людзі, якія ведалі Якуба Коласа асабіста, сустракаліся з ім, вялі размовы.

У Дзяржаўным архіве Магілёўскай вобласці знаходзіцца на захоўванні фонд асабістага паходжання Панасевіча Мітрафана Тарасавіча, удзельніка Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, дацэнта кафедры транспарту леса Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С.М. Кірава, ветэрана лясной гаспадаркі, ураджэнца вёскі Сідаравічы Магілёўскага района. Наш зямляк асабіста сустракаўся з Якубам Коласам, доўгі час сябраваў з яго дзядзькам — Ігнатам Юр’евічам Міцкевічам. Аб гэтым яго ўспаміны...

Якуба Коласа, як беларускага паэта, Мітрафан Тарасавіч ведаў з юнацкіх гадоў па яго выданнях, але больш падрабязна пазнаёміўся з творчасцю ў пачатку 1920 года, калі быў курсантам Гомельскай партыйнай школы. Яму пашанцавала прачытаць вершы «У школу», «Перад судом», «У зімовы вечар», «Развітанне», «На раздарожжы» і іншыя. Яны аказалі моцнае ўражанне на маладога чалавека і глыбока ўзрушылі яго душу.

Пасля заканчэння партшколы Гомельскі губкам РКП(б) накіраваў Панасевіча на працу ў Грудзінаўскую воласць Быхаўскага ўезда (зараз Магілёўскі раён) загадчыкам валаснога палітпрасвета і намеснікам загадчыка валаснога аддзела народнай адукацыі, загадчыкам якога быў Ігнат Юр’евіч Міцкевіч — дзядзька Якуба Коласа. А яго жонка Валянціна Міхайлаўна працавала ўрачом у мясцовай бальніцы.

Па прыбыццю ў Грудзінаўку малады спецыяліст не змог адразу знайсці сабе жыллё, і Ігнат Юр’евіч прапанаваў спыніцца ў іх, бо жылі яны з жонкай у асобным доміку пры бальніцы.

У валасным выканкаме ў іх быў агульны кабінет, дзе яны дружна працавалі на ніве народнай асветы: арганізоўвалі ў вёсках школы па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва, хаты-чытальні, вялі іншую асаветніцкую работу. А ціхімі вечарамі ў хатнім асяроддзі шмат чыталі рознай літаратуры, вялі размову аб пісьменніках і паэтах.

Аднойчы вечарам, пасля вячэры Ігнат Юрьевіч расказаў Панасевічу аб тым, што яго пляменнік, Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, яшчэ з юнацкіх гадоў усю сваю моц і талент прысвяціў народу, цяжкае жыццё якога глыбока хвалявала паэта. Аб гэтым сведчаць вершы «Ворагам», «Мужык», якія паэт напісаў знаходзячыся ў турме. Вуснамі паэта беларускі селянін заяўляў аб сваёй гатоўнасці да барацьбы за вольнае і шчаслівае жыццё.

Ігнат Юр’евіч расказваў аб яго вялікім сяброўстве з пляменнікам і іх рэгулярнай перапісцы. А калі выходзіў у свет чарговы твор паэта, то Якуб Колас абавязкова прысылаў яго свайму сваяку з подпісам: «Дзядзьку ад паэта». Кнігу чыталі па чарзе, а бывала Панасевіч браў яе ў свой пакой і зачытваўся да самай раніцы. З гэтага часу Мітрафан Тарасавіч стаў апантаным прыхільнікам творчасці паэта і пачаў збіраць сваю паходную «коласаўскую» бібліятэку.

Аднойчы, улетку 1921 года, у Грудзінаўку ў госці да свайго дзядзькі прыехаў Якуб Колас. Ён зайшоў у аддзел адукацыі, дзе ў гэты час Панасевіч і Ігнат Юр’евіч распрацоўвалі план мерапрыемстваў палітыка-выхаваўчай работы сярод сялян.

Паэт пацікавіўся іх планамі і парэкамендаваў звярнуць асаблівую ўвагу на арганізацыю хат-чытальняў у вёсках і стварэнне камсамольскіх ячэек. Да парад паэта ўважліва прыслухаліся. Ужо ў 1921 годзе ў Грудзінаўскай воласці было арганізавана 16 школ па ліквідацыі непісьменнасці і 18 хат-чытальняў, дзе часта праводзіліся чытанні твораў Якуба Коласа.

Трэба адзначыць, што сям’ю Міцкевічаў вельмі паважалі ў вёсцы. Вакол Ігната Юр’евіча групавалася моладзь, да яго ішлі за парадамі і дапамогай сяляне са ўсёй акругі. Ён цудоўна іграў на скрыпцы, а арганізаваны ім з мясцовых жыхароў хор часта выступаў у клубе.

У пачатку 1922 года М.Т. Панасевіч быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, ў 7-ю кавалерыйскую дывізію, дзе служыў палітработнікам. Яму вельмі цяжка было развітвацца з такімі цудоўнымі людзьмі, як Міцкевічы. Яны доўга перапісваліся і часта ў пісьмах успаміналі любімага паэта — Якуба Коласа.

У красавіку 1924 года Панасевіч па стану здаро’ўя быў дэмабілізаваны з арміі і напраўлены ў Ленінград на завод «Арсенал». Затым ён закончыў рабфак і паступіў на вучобу ў Ленінградскую лесатэхнічную акадэмію. Аб гэтым напісаў Міцкевічам. Гэта навіна іх вельмі ўзрадавала і яны шчыра павіншавалі маладога чалавека з паступленнем у акадэмію. А ў канцы пісьма была прыпіска, што яго таксама віншуе і Якуб Колас. Гэта пісьмо вельмі ўзрадавала маладога чалавека і натхніла на выдатную вучобу.

У канцы 1927 года Панасевіч атрымаў ліст ад Ігната Юр’евіча, у якім ён паведамляў, што яны пераехалі ў Мінск і ён зараз працуе ў Камуністычным універсітэце выкладчыкам беларускай мовы. Жывуць разам з Якубам Коласам у доме на Шпітальным завулку. Перапіска паміж сябрамі доўжылася да самай Вялікай Айчыннай вайны...

У лютым 1946 года М.Т. Панасевіч, як спецыяліст па сплаву леса, па накіраванню Мінстэрства лясной гаспадаркі СССР прыбыў у Беларусь для ўдзелу ў аднаўленні сістэмы лесасплаву, якая была цалкам разбурана немцамі. Ён быў назначаны начальнікам вытворча-тэхнічнага аддзела Глаўлесасплаву па арганізацыі сплаву леса ў басейнах рэк Дняпра, Прыпяці, Заходняй Дзвіны і Нёмана.

Вясной 1947 года на адной з нарад у Савеце Міністраў прысутнічаў і член урада Якуб Колас. Пасля нарады Панасевіча запрасілі ў кабінет намесніка міністра Г.С. Лахтанава. Тут жа быў і Якуб Колас, якому прадставілі Панасевіча, як галоўнага сплаўшчыка лесу. Яны павіталіся і паэт сказаў, што яны ўжо сустракаліся ў 1921 годзе ў Грудзінаўцы і добра ведаюць адзін аднаго.

Тут жа паэт паведаміў Панасевічу, што Ігнат Юр’евіч працуе зараз на яго радзіме, у весцы Мікалаеўшчына, дырэктарам сярэдняй школы і займаецца будаўніцтвам новай школы. А для гэтага патрабуецца шмат лесаматэрыялу.

Забяспечыць школу патрэбным матэрыялам і было даручана Панасевічу. Патрэбны лес можна было прыплавіць з уздзенскага сплаўучастка па рэках Уздзянцы і Нёмане. Школа будавалася па ініцыятыве Якуба Коласа і ён шмат увагі надаваў гэтаму пытанню, нягледзячы на сваю вялікую занятасць. Паэт папрасіў Панасевіча сустрэцца ў Мікалаеўшчыне з яго дзядзькам і даведацца, як ідуць справы з будаўніцтвам школы, а па прыездзе ў Мінск інфармаваць яго.

Пасля доўгай разлукі Панасевіч зноў сустрэўся са сваімі добрымі сябрамі — Міцкевічамі. Яго з’яўленне ў Мікалаеўшчыне было для іх вялікай нечаканасцю і радасцю. Пры размове выявілася, што для будаўніцтва школы патрэбны шкло і электраправодка, якія пасля вайны з’яўляліся дэфіцытам. Якуб Колас браў усё сабе на заметку і абяцаў прыняць усе меры па забеспячэнню будоўлі патрэбнымі матэрыяламі.

Восенню 1947 года будынак школы ў два паверхі з кватэрай дырэктара пры ёй быў пабудаваны. Правяраючы ход лесасплаву ў раёне Мікалаеўшчына — Стаўбцы, Панасевіч заехаў у госці да Ігната Юр’евіча. Па чыстай выпадковасці ў гэты дзень да дзядзькі на легкавой машыне заехаў і Якуб Колас. Паэт, звярнуўшыся да дзядзькі сказаў: «Цяпер, братка, будаўніцтва закончана і ты адпачнеш ад клопатаў, якія ні табе, ні мне доўгі час не давалі пакою».

Але тут жа высветлілася, што ў абодвух наперадзе не менш клопатаў. Ігнат Юр’евіч паведаміў аб недахопе настаўніцкіх кадраў, асабліва з вышэйшай адукацыяй. На гэта паэт жартуючы сказаў: «Я думаў, што твой хамут зняў, але замест яго ты цапляеш не менш цяжкі». З кадрамі ў тыя часы было цяжка ва ўсіх школах, але Якуб Колас абяцаў дапамагчы дзядзьку.

Перад ад’ездам з Мікалаеўшчыны, усе прайшліся па паверхах школы. Паэт уважліва ўсё разглядваў і рабіў свае заўвагі. Ад яго зоркіх вачэй не ўтойвалася нічога. На другім паверсе на адным з пакояў Панасевіч убачыў надпіс «Музей Якуба Коласа».

Пасля гэтага М.Т. Панасевіч яшчэ шмат разоў сустракаўся з Якубам Коласам, як членам урада, па розных пытаннях. Але сустрэчы ў вёсцы Мікалаеўшчына не забываліся ніколі. Уражанне ад іх засталося на ўсё жыццё.

Але сувязь народнага паэта Якуба Коласа з Магілёўшчынай на гэтым не закончылася. У 1924 годзе да БССР была далучана Калінінская акруга з цэнтрам у Клімавічах у складзе дзесяці раёнаў: Бялынкавіцкага, Кастюковіцкага, Клімавіцкага, Краснапольскага, Крычаўскага, Мілаславіцкага, Мсціслаўскага, Раснянскага, Хоцімскага і Чэрыкаўскага.

У Клімавічах было шмат дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый, выходзіла газета «Наш працаўнік». Таму сюды прыязджалі многія дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, вучоныя, каб на месцы даследваць, вывучаць якую-небудзь галіну народнага жыцця, выступіць перад насельніцтвам з лекцыямі і дакладамі.

З правядзеннем у рэспубліцы работы па беларусізацыі ў зноў далучаных раёнах, на Магілёўшчыну камандзіраваліся дзеячы нацыянальнай культуры, літаратуры і мастацтва. Асабліва інтэнсіўна працаваў у гэтым напрамку Народны камісарыят асветы БССР. Менавіта па лініі Наркамасветы на Магілёўшчыну трапіў і Якуб Колас. 16 сакавіка 1925 года яму было выдана пасведчанне, з якога відаць, што Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч накіроваўся ў Калінінскую і Аршанскую акругі для чытання лекцый і правядзення іншай культурнай работы па беларусамоўству. Разам з Я.Коласам выязджала і група студэнтаў педфака БДУ.

На працягу года сябрамі Інбелкульта было прачытана каля 40 дакладаў. У іх ліку не апошняе месца займалі даклады і чытанні сваіх твораў Якубам Коласам. Прыезд народнага паэта ў Клімавічы ажывіў і заварушыў глухі гарадок, творы якога тут ведалі і чыталі.
Сустрэчы праходзілі ў Народным доме, які не ўмяшчаў усіх жадаючых. «Пры паяве паэта доўга не змаўкалі воплескі. Крыху ўняліся і выслухалі жыццёнарыс паэта і ў агульных рысах аб творчасці. Потым паэт чытаў вершы, якіх у друку ў той час яшчэ не было».
У красавіку 1926 года паэт зноў наведаў Клімавічы на шляху ў м. Хоцімск.
Восенню 1925 года Якуб Колас разам з Янкам Купалам неведалі Горкі з выпадку адкрыцця Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе выступілі з прамовамі. Аб наведванні паэтамі Горак сведчыць мемарыяльная дошка, устаноўленая на будынку БСГА для ўвекавечвання гэтай падзеі.
У 1926-1930 гадах у акадэміі працавалі выкладчыкамі Максім Гарэцкі, Юрка Гаўрук, Міхаіл Ганчарык, Паўліна Мядзёлка. Па справах М.Гарэцкі часам бываў у Мінску і ў адну з сустрэч з Якубам Коласам запрасіў яго да сябе ў госці. На той час Я.Колас быў добра знаёмы з яго жонкай Леанілай Усцінаўнай Чарняўскай-Гарэцкай, якая пачынала сваю літаратурную дзейнасць.
17 красавіка 1927 года Я.Колас даслаў пісьмо Леаніле Гарэцкай, дзе ён паведамляў, што прыедзе ў Горкі. У лісце ён адзначаў, што хацеў бы прыехаць якраз тады, калі распускаюцца бярозавыя лісточкі...
У клубе акадэміі паэту была наладжана цёплая сустрэча. А вечарам ён гасцяваў у М. Ганчарыка.
Леаніла Чарняўская арганізавала ў акадэміі хор з навуковых супрацоўніц. Жанчыны павышывалі народным арнаментам кашулі, фартукі і на сустрэчу з Якубам Коласам апрануліся ў беларускія нацыянальныя касцюмы.
Ад гэтай сустрэчы засталася цікавая фотакартка: паэт сярод жанчын у беларускіх нацыянальных касцюмах. На здымку з Я.Коласам зняты: Л.У. Чарняўская, П.В. Мядзёлка, С.М. Ганчарык, В.С. Журык, Н. Галубоўская-Кіслякова, Ш. Бязверхая, Л. Ніціеўская. Гэты здымак знаходзіцца зараз у музеі паэта ў Мінску.
Якуб Колас яшчэ некалькі разоў бываў у Горках і вельмі быў задаволены гэтымі паездкамі.
У горад Мсціслаў паэт прыязджаў двойчы: летам 1925 года ён разам з Максімам Гарэцкім чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на курсах павышэння кваліфікацыі пры педагагічным тэхнікуме, а ў снежні таго ж года сустракаўся са студэнтамі і выкладчыкамі гэтай установы. Жыў у гасцініцы, якая знаходзілася тады ў цагляным будынку каля касцёла кармелітаў.

Паэт заходзіў у госці да свайго сябра, дырэктара школы № 1 Фурсевіча (правобраз М.Турсевіча з трылогіі «На ростанях»), а таксама да будучых настаўнікаў — студэнтаў педтэхнікума.

Калектыў настаўнікаў педтэхнікума разам са студэнтамі наладзілі Якубу Коласу ўрачыстую сустрэчу ў актавай зале. З прывітальным словам выступіў дырэктар тэхнікума І.К. Бялькевіч, выкладчыкі і студэнты дэкламавалі вершы паэта. А затым з трыбуны паэт чытаў амаль па памяці сваім зычным голасам урыўкі з паэмы «Новая зямля».

На ўсіх прысутных вялікае ўражанне зрабіў рассказ паэта аб тым, што паэму «Новая зямля» ён стварыў у мінскім астрозе, куды быў зняволены за удзел у нелегальным сходзе настаўнікаў. Паэму «Сымон-музыка» напісаў, калі знаходзіўся ў Курскай губерніі. Пасылаў яе ў Мінск для друку, але пошта згубіла рукапіс. Прыйшлося напісаць паэму нанава.

Паэт коратка пераказаў змест паэмы, зачытаў урыўкі з яе. Усе прысутныя з захапленнем слухалі кожнае яго слова.

Потым адбыўся канцэрт. Хор тэхнікума праспяваў некалькі песень на словы Якуба Коласа, а таксама выканаў народныя песні, якія надта падабаліся паэту, бо ён горача апладыраваў.

Вечарам да Якуба Коласа ў гасцініцу з’явіліся члены літаратурнай арганізацыі пры педтэхнікуме, у склад якой уваходзілі і пачынаючыя паэты 2-й сямігадовай школы.

Былы студэнт, байкапісец Сяргей Калугін успамінае: «У гасцініцу да Якуба Коласа хадзілі С.Анціпенка, Я.Сінякоў, З.Астапенка, Ю.Таўбін. Паэт сустрэў нас вельмі прыветліва, шчыра, і нам стала неяк вальней, бо спачатку мы, тады яшчэ сямікласнікі, адчувалі сабе сарамліва, няёмка ў прысутнасці вядомага паэта. Крыху асвоіўшыся, адчулі сябе ў сваім асяроддзі.

Якуб Колас пасля знаёмства пацікавіўся, хто з нас піша вершы, хто займаецца прозай, шчыра раіў нам вучыцца у старэйшых пісьменнікаў, больш працаваць над сабой, унікаць у жыццё рабочых і сялян. Доўга гутарыў з намі, потым праводзіў на вуліцу, па-сяброўску развітаўся і, як дарослым, кожнаму паціснуў руку...».

Якуб Колас прабыў у Мсціслаўлі тры дні. Ён наведаў вучэбныя класы і кабінеты, прысутнічаў на занятках, пабываў у студэнцкіх інтэрнатах тэхнікума.

Пісьменнік знаёміўся з горадам і яго ваколіцамі: аглядаў памятныя месцы і помнікі Мсціслава, сустракаўся з жыхарамі. Для жыхароў Мсціслава прыезд Якуба Коласа з’явіўся вялікай падзеяй у жыцці.

На будынку былога педагагічнага тэхнікума, дзе перад навучэнцамі і педагогамі ў 1925 годзе выступаў паэт (зараз сярэдняя школа № 1), у 1986 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
5 красавіка 1938 года Якуб Колас разам з Янкам Купалам і Міхаілам Клімковічам наведалі драматычны тэатр у Магілёве, каб паглядзець спектакль па п’есе Я.Коласа «У пушчах Палесся». Пастаноўкай гэтага спектакля пачынаў свае гастролі ў Магілёве Віцебскі драматычны тэатр.

А ў чэрвені 1938 года Якуб Колас разам з Янкам Купалам і Міхасём Зарэцкім прыязджалі ў Бабруйск на прагляд вечара вадэвіляў.

Даследчыкамі зафіксавана каля дваццаці прыездаў Якуба Коласа на Магілёўшчыну. Дні знаходжання тут Коласа заслугоўваюць увагі не толькі сваёй адметнасцю ў плане малавядомых старонак з біяграфіі паэта, устанаўлення коласаўскіх мясцін на тэрыторыі вобласці, што само па сябе ўжо цікава, але і тым, што за кошт асэнсавання новых фактаў аб яго паездках па рэспубліцы ярчэй акрэсліваюцца погляды, духоўнае жыццё і ідэйна-эстэтычная эвалюцыя, разнастайныя і глыбокія сувязі паэта з народам.

Знаходжанне народнага паэта Беларусі Якуба Коласа на Магілёўшчыне ўвекавечана ў назвах яго імем вуліц і мемарыяльных дошках.

Скапцова Ніна Сяргееўна,
архівіст 1 кв. катэгорыі аддзела
навуковага выкарыстання
дакументаў і інфармацыі

Спіс выкарыстаных крыніц:

  1. Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці. — Ф. 2717. — Воп. 1. — Спр. 4. — Арк. 9-19.
  2. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Клімавіцкага р-на. — Мн.:Універсітэцкае, 1995. — С. 197-198.
  3. Калугін Сяргей // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мсціслаўскага р-на. — Мн.:Полымя, 1999. — С. 131-132.
  4. Паўліна Мядзёлка // Сцежкамі жыцця. — Мінск: Лімарыус, 2018. — С. 368-369.
  5. Віктар Арцем’еў // Пісьменнікі і кнігі. — Магілёў: МДУ імя Куляшова, 2015. — С. 7-9.
  6. Уладзімір Ліўшыц // Горацкая студыя «Аршанскага маладняка» (1926-1928 гг.). — Горкі, 2013. — С. 89-91.

Адрес и режим работы

212030, г. Могилев, ул. Первомайская, д. 71 (Дом Советов).
Пн. — Пт. с 8:00 до 17:00
Перерыв: с 13:00 до 14:00
Посмотреть на карте

Контакты

+375 222 75-05-08 (факс)
+375 222 32-39-43
Email: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. (для корреспонденции, за исключением электронных обращений граждан и юридических лиц)

Контакты для СМИ

Ведущий специалист по связям с общественностью
Королёва Анастасия Сергеевна
+375 222 75-25-77