Да 130-годдзя Максіма Гарэцкага…

18 лютага святкуецца 130-годдзе з дня нараджэння нашага славутага земляка, Максіма Гарэцкага.

Шмат якія факты з жыцця М.Гарэцкага вядомыя цяпер дзякуючы яго аўтабіяграфічным творам, успамінам яго блізкіх родзічаў. Таксама з кніг і Інтэрнэту мы маем магчымасць узгадаць звесткі пра выдатнага прадстаўніка беларускай літаратуры. Некаторыя матэрыялы маюцца на захоўванні ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці».

Максіму Іванавічу — класіку беларускай літаратуры — належыць асаблівая роля ў станаўленні нацыянальнай мастацкай прозы. Нягледзячы на маладосць (першае апавяданне «У лазні» было напісана ў дзевятнаццацігадовым узросце) М.Гарэцкі адразу заявіў пра сябе як сталы майстар. Ён з самага пачатку свайго творчага шляху выявіў клопат пра развіццё беларускай літаратуры, пашырэнне яе жанравых і тэматычных абсягаў. Пісьменнік абапіраўся на творчы вопыт Я.Коласа і іншых сучасных яму аўтараў, але кожнае яго апавяданне, аповесць ці раман былі з’явай у беларускай прозе пачатку XX ст., наватарскімі па змесце і форме.

У 1926-1928 гадах Максім Гарэцкі працаваў у Горках у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У дзяржаўным архіве Магілёўскай вобласці як раз і маецца дакументальнае падцверджанне гэтага факту.

У фондах захоўваюцца матэрыялы аб яго выкладчыцкай і навуковай дзейнасці ў якасці дацэнта кафедры беларусазнаўства, а менавіта пасведчанні, заявы, анкета, напісаная ўласнаручна М.Гарэцкім.

М.Гарэцкі смела ўводзіў ва ўжытак нацыянальнай прозы новыя мастацкія формы. Ён адзін з пачынальнікаў ваеннай дакументалістыкі ў беларускай літаратуры.

Нягледзячы на кароткі жыццёвы шлях, Максім Гарэцкі спаўна выявіў свой талент і ў іншых галінах творчай, інтэлектуальнай дзейнасці: у літаратуры і мовазнаўстве, публіцыстычнай, педагагічнай і грамадскай дзейнасці.