Дзень ведаў 80 год таму

Яшчэ ўчора ў беларускіх школах адзвінелі першыя званкі. 1 верасня ў нашай краіне традыцыйна адзначаецца Дзень ведаў - пачатак новага навучальнага года. Пасля летніх канікулаў адчыняюць свае дзверы навучальныя ўстановы. Сённяшнія школьнікі і студэнты атрымліваюць адукацыю ў камфортных умовах з доступам да сучасных інфармацыйных тэхналогій. Пра тое, якім быў пачатак першага пасля завяршэння Вялікай Айчыннай вайны навучальнага года, могуць расказаць матэрыялы з фондаў установы «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці». Адной з крыніц інфармацыі аб гэтым складаным часе з'яўляюцца газетныя артыкулы. У навукова-даведачнай бібліятэцы архіва сярод іншых захоўваюцца нумары штодзённай аб'яднанай абласной і гарадской газеты «За Радзіму», якая выходзіла ў гэты час. 

Установы адукацыі вобласці аднавілі сваю дзйнасць у 1944 годзе, неўзабаве пасля вызвалення ад акупацыі. Так, у Магілёве на пачатак 1945 года працавалі дзіцячыя садкі, школы, музычнае вучылішча  ім. М.А. Рымскага-Корсакава, дашкольнае педвучылішча, Магілёўскі педагагічны і настаўніцкі інстытуты. Трэба адзначыць, што навучанне ў школах пасля вайны было раздзельным – хлопчыкі вучыліся асобна ад дзяўчынак.

Падрыхтоўка да новага навучальнага 1945/1946 года пачалася яшчэ летам – на старонках газеты усё часцей пачалі з’яўляцца аб’яўленні аб прыёме ў розныя навучальныя установы, не толькі магілёўскія, але і іншых савецкіх гарадоў. Да сябе запрашалі Магілёўскі дзяржаўны педагагічны і настаўніцкі інстытуты, Магілёўскае дашкольнае педвучылішча, Беларускі палітэхнічны інстытут, Смаленскі тэхнікум грамадскага будаўніцтва і іншыя.

26-28 жніўня ў раённых цэнтрах вобласці адбыліся нарады настаўнікаў на якіх абмяркоўвалася аднаўленне школ і задачы на новы навучальны год. Працу ў школах павінны былі распачаць 6 135 настаўнікаў, яшчэ 532 настаўніцкія пасады заставаліся незапоўненыя. Для таго, каб пазбавіцца ад дэфіцыта кадраў, планавался прыцягнуць 45 выпускнікоў шасцімесячных педагагічных курсаў, працаўладкаваць дэмабілізаваных з Чырвонай Арміі настаўнікаў і тых, хто вярнуўся з эвакуацыі. Акрамя таго прапаноўвался больш актыўна запрашаць на працу ва ўстановы адукацыі былых настаўнікаў, якія працавалі не па спецыяльнасці. 

Усё лета ў школах працягваліся рамонтныя работы. Так, у магілёўскай сярэдняй школе № 8 былі адрамантаваны вучэбныя класы, замест фанеры ў вокнах з’явілася шкло, было наладжана цэнтральнае ацяпленне, працягваўся выраб школьных парт для абсталявання кабінетаў. Рамонты праводзіліся і ў іншых научальных установах гарадоў і вёсак Магілёўскай вобласці. Сельскія школы ў асноўным былі гатовы да навучальнага года: праведзены ўлік дзяцей школьнага ўзросту, адрамантаваны школьныя будынкі, падрыхтавана мэбля, падвезены дровы. Важным заставалася пытанне будаўніцтва новых школ на месцы знішчаных баявымі дзеяннямі ў раённых цэнтрах і вёсках. У аднаўленчых работах удзельнічалі мясцовыя прадпрыемствы, калгасы, настаўнікі, вучні.

Да пачатку вучэбнага года ў школьныя бібліятэкі паступіла значная колькасць новых падручнікаў: 8 097 для пачатковай школы і 3 756 для старэйшай. Школы атрымалі наглядныя дапаможнікі па батаніцы, анатоміі, літаратуры і іншым прадметам. Акрамя гэтага было выдана 270 000 сшыткаў і 160 000 алоўкаў.

І вось, 1 верасня 1945 года хлопчыкі і дзяўчынкі гарадскіх школ з букетамі кветак прыйшлі ў свае навучальныя ўстановы на першыя пасля летніх канікул заняткі. На школьных дварах іх сустракалі настаўнікі, якія асаблівую ўвагу надавалі першакласнікам – расказвалі ім, як паводзіць сябе на занятках, адносіцца да школьнай маёмасці. Вучні старэшых класаў абмяркоўвалі з аднакласнікамі набытыя кніжкі і сшыткі. Першы дзень заняткаў прайшоў у святочнай атмасферы, нягледзячы на цяжкасці пасляакупацыйнага перыяду. 

А на наступны дзень адбылася гістарычная падзея – Японія падісала акт аб капітуляцыі, скончылася Другая сусветная вайна. Завяршэнне адной з самых крывавых войнаў у гісторыі чалавецтва амаль супала з аднаўленнем адукацыйнага працэса, які заўседы асацыюецца з мірным жыццём і прагрэсам.

Пазней, 15 верасня, пачаліся заняткі ў двух вячэрніх школах Магілёва. Агульная колькасць навучэнцаў у гэтых установах складала больш за 400 чалавек. Заняткі праводзіліся па праграме дзённых школ 4 разы ў тыдзень па 5 урокаў. Пасля заканчэння вячэрніх школ выдаваўся атэстат, выдатнікі атрымлівалі залатыя і срэбныя медалі.

Школьныя заняткі ў сельскай мясцовасці Магілёўшчыны для вучняў 5-9-х класаў у 1945 годзе пачаліся толькі 1 кастрычніка, калі скончыліся працы на калгасных палях. 

Такім быў пачатак новага навучальнага года ў школах Магілёўшчыны восенню 1945 года. Школьнікі таго часу раней сталі дарослымі – ім прыйшлося перажыць ліхалецце вайны, годы нацыстскай акупацыі. А пасля, акрамя вучобы і здабывання ведаў, ім давялося разам з бацькамі аднаўляць з руін родныя мясціны. Памяць пра гэта дапамагаюць зберагчы ў тым ліку і архіўныя дакументы.

Аляксей Иванавіч Швыроў

вядучы архівіст аддзела навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыіўстановы «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці»



Жыхары Магілёва працуюць на расчысцы завалаў на Савецкай плошчы (вясна 1945 года).


Адноўлены будынак Магілёўскага педагагічнага інстытута


Вучні 7-га класа школы № 3 г. Магілёва перад экзаменамі (май 1945 года)


Заслужаная настаўніца БССР Елена Пятроўна Воранава, з 1944 года кіраўнік Магілёўскага гарадскога аддзела народнай асветы.


Першая паласа магілёўскай абласной газеты "За Радзіму" ад 2 верасня 1945 года